Надоечы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і міністр фінансаў Анджэй Даманьскі прадставілі эканамічныя планы ўраду на бліжэйшыя гады. Базісам развіцця дзяржавы павінны стаць вялізныя інвестыцыі на сотні мільярдаў злотых. Адна з умоў поспеху – развіццё лічбавых тэхналогій. У Польшчы ёсць недапрацоўкі ў галіне лічбавых тэхналогій у цэлым, а адным з важнейшых аспектаў з'яўляецца штучны інтэлект (анг. artificial intelligence - AI).
Эксперты адзначаюць, што Польшча не дагоніць сусветных лідараў у галіне штучнага інтэлекту, калі не пабудуе моцных асноў. Высокапастаўленыя польскія чыноўнікі, а таксама прадстаўнікі бізнесу ўдзельнічалі ў парыжскім саміце, прысвечаным штучнаму інтэлекту.
Французы пачалі сустрэчу з заявы аб рэкордных (для Еўропы) інвестыцыях у індустрыю штучнага інтэлекту на мільярды еўра. Гэта будуць і дата-цэнтры, і партнёрства з французскімі кампаніямі, у краіне будуць створаны каласальныя вылічальныя магутнасці. А ключом да развіцця штучнага інтэлекту ў Еўропе, па словах прэзідэнта Эманюэля Макрона, павінен стаць давер. Прэзідэнт Францыі абвясціў аб стварэнні ўстановы, якая будзе адказваць за ўмацаванне даверу да штучнага інтэлекту, падтрымку роўнага доступу да гэтай тэхналогіі, адкрытых дадзеных і празрыстасці алгарытмаў.
— Фонд Current AI асвоіць інвестыцыі на суму 400 мільёнаў еўра, у тым ліку 100 мільёнаў еўра з Францыі. Гэта ў пэўным сэнсе дзяржаўна-прыватнае партнёрства, якое паспрабуе адказаць на пытанні, датычныя даверу да АІ.
Эманюэль Макрон заявіў, што яго краіна хоча стаць еўрапейскім лідарам у індустрыі штучнага інтэлекту, а запланаваныя інвестыцыі павінны быць супастаўныя з тымі, якія нядаўна абвясцілі сусветныя лідары - ЗША і Кітай. Тэхналогія штучнага інтэлекту - гэта рэвалюцыя. Як электрычнасць або вынаходніцтва друкарскага станка, гэта момант прарыву - казалі французскія прадпрымальнікі, якія прэзентавалі свае стартапы ў Парыжы.
Еўрапейскі саюз выдзеліць €200 млрд на інвестыцыі ў штучны інтэлект. Пра гэта казала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Яна адзначыла, што ЕС падтрымае ініцыятыву прыватных кампаній, якая прадугледжвае вялікія інвестыцыі ў тэхналагічную інфраструктуру.
— Сёння я магу аб'явіць, што мы выдзяляем 50 мільярдаў еўра, а агулам мы разлічваем на прызначэнне 200 мільярдаў еўра на інвестыцыі ў штучны інтэлект у Еўропе. Гэта будзе найбуйнейшае ў свеце дзяржаўна-прыватнае партнёрства для распрацоўкі надзейнага штучнага інтэлекту. Штучнаму інтэлекту патрэбны чалавечы давер, ён павінен быць бяспечным. Гэта мэта Закона аб AI: адзіны набор бяспечных правіл для Еўрапейскага саюза замест 27 розных нацыянальных правіл. У той жа час я ведаю, што трэба скарачаць бюракратыю, і мы гэта зробім.
Саміт выявіў рознагалоссі паміж Еўропай і ЗША ў пытаннях рэгулявання штучнага інтэлекту. Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс (J.D. Vance) крытычна выказваўся аб прапанаваных правілах.
— Мы лічым, што празмернае рэгуляванне сектара штучнага інтэлекту можа забіць яго раней, чым ён паспее развіцца.
Абмеркаванне працягнулася ў пасольстве Польшчы ў Парыжы, дзе была арганізаваная панэльная дыскусія з удзелам польскіх прадпрымальнікаў, якія прыехалі ў Парыж на саміт AI. Пшэмыслаў Кусьмерэк (Przemysław Kuśmierek), заснавальнік кампаніі MIGAM, якая распрацоўвае сурдапераклады з дапамогай штучнага інтэлекту, распавёў Польскаму радыё, што ў выніку празмернай бюракратыі ў ЕС, яго фірма пераносіць сваю дзейнасць у ЗША.
— Я мяркую, што існуе агульнае меркаванне – у Польшчы надта шмат абмежаванняў. У ЗША ёсць лозунг “Перад усім Амерыка”, а ў нас - “Перад усім рэгуляванне”. Гэта кірунак, у якім мы рухаемся, і гэта дрэнна. Напрыклад, такія кампаніі, як наша, створаная ў Польшчы, у нас ёсць база ў Польшчы, але мы ўцякаем за мяжу, едзем у Штаты развівацца. У нас ёсць праекты са Стэнфардам, людзі па той бок акіяна хочуць з намі працаваць, а тут — не. Калі мы паглядзім на ўзровень абмежаванняў і правіл у Польшчы, дык яны нават больш жорсткія, чым патрабаванні Еўрасаюза. Мы абмяжоўваем інавацыі, якіх яшчэ няма.
Польшчу ў Парыжы прадстаўлялі міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski) і міністр фінансаў Анджэй Даманьскі (Andrzej Domański). Польскі ўрад намераны прызначыць на развіццё АІ 300 млн злотых. Кіраўнік Мінфіна адказаў на пытанне, ці здольная Польшча канкурыраваць з Францыяй і іншымі лідарамі ў развіцці штучнага інтэлекту.
— Дзеля гэтага тут, у Парыжы, у сувязі з самітам AI, мы сустракаемся з кампаніямі з усяго свету, з розных галін эканомікі, каб такіх інвестыцый у Польшчы было значна больш. На маю думку, гэтая трансфармацыя, канешне ж, станоўча паўплывае на ВУП Польшчы, але я хачу яшчэ раз падкрэсліць - штучны інтэлект перш за ўсё павінен служыць людзям.
Мерапрыемства ў Парыжы наведалі каля 1,5 тыс. прадпрымальнікаў, экспертаў і афіцыйных прадстаўнікоў дзяржаў. Таксама было абвешчана, што наступны саміт AI пройдзе ў Індыі.
IAR/Stefan Foltzer/нг